epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Радасць

Радасці,

Нібыта радугі,

Хочацца кожнаму з нас.

Не той, што ў вясёлым градусе

Нехта знаходзіць падчас.

Хочацца радасці рознай —

Ад водару кветкі роснай,

Ад бохана свежага хлеба,

Ад сонца, што на паўнеба...

Стомленай радасці волата —

Ад частых і гучных сустрэч

Кавадла і цяжкага молата,

Што родзяць нарог і меч.

Радасці ад спаткання

Маёй і тваёй рукі,

Якое ў нябыт не кане,

Якое паўтораць вякі...

Радасці той, што не месціцца

Ў цесных цяснінах кватэр

І далятае да Месяца

Праз абцугі атмасфер!