epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ракеты і аўтамабілі..."

Ракеты і аўтамабілі

У нас адлегласць узялі,

А мы, здаецца, разлюбілі

Хадзіць нагамі па зямлі.

А мы забылі, як у полі,

Калі ступаеш басанож,

Ласкава дражніцца і коле

Травінка вострая, як нож.

Усё, што робіць незалежным,

Усё, чым дыхаем усе,

Сваім намеснікам жалезным

Перадаём мы пакрысе.

Яны за нас глядзяць і ходзяць

Па роўнядзі бетонных трас,

За нас шукаюць і знаходзяць

І нават думаюць за нас.

Ах, як нам быць з заўчасным раем?

Душа чарсцвее, як калач,

І чуецца за небакраем

Жалезны смех, жалезны плач.

У непазбыўнай паняверцы,

Стаіўшы подых, ловіць час,

Як перасаджаныя сэрцы

Стукочуць у грудзях у нас.

І ў нейкім утрапенні сінім

Жалезны сум нутро скрабе:

А што мы ў рэшце рэшт пакінем

Самім сабе,

Самім сабе?