epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Рамонт

Няхай жыве рамонт!

Бразгочуць вокны, дзверы.

Рамонт, як гулкі фронт,

Праходзіць па кватэры.

 

Пакояў перакрой.

Спакою перакоўка.

Грымотнаю гарой

Злятае ўніз тынкоўка.

 

Скрыгоча цвік-прасцяк,

Якім дыван прыбіты.

Не выцягнеш ніяк,

Як мешчаніна з быту.

 

Ступае па двары

Пыл, як вярблюд сутулы.

Нагамі дагары —

І столікі і стулы.

 

Патрушчаны датла

Парадак учарашні.

Хвала табе, хвала,

Пераварот дамашні!

Як трэба страсянуць

Падчас былыя скарбы,

Каб потым удыхнуць

П'янлівасць свежай фарбы.

 

Вывешвае рамонт

Свае сцягі — шпалеры.

І, як бяскроўны фронт,

Праходзіць па кватэры.