epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Расстаюся, як птах..."

Расстаюся, як птах з гняздом,

З тваёй ласкай, утульнай і шчырай.

Ты —

абжыты мой дом.

І — нязведаны вырай.

Мне давала начлег у жыцці

Ноч пад лісцем платанаў і клёнаў.

Ды прытулку цяплей не знайсці,

Як пад дахам з тваіх далоняў.

У аддаленых гарадах,

Дзе я толькі адзін з пастаяльцаў,

Сніцца мне гэты добры дах,

Што з пяшчоты тваёй і пальцаў.

Твае губы —

як згуба

і як паратунак.

Доўжыцца ўсё жыццё

пачуццё —

твой пацалунак.