epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Размывала адна бяда..."

Размывала адна бяда

Берагі,

Падзяляла адна вада

Бераг адзін

І бераг другі.

Каб, урэшце, яны ў жыцці

Насустрач змаглі пайсці

Наўпрост —

Збудавала любоў мост.

Над вадой,

Над былой бядой

У далонь

Легла

Далонь.

Ды, падкраўшыся ціхай хадой,

Запаліла нянавісць агонь.

Пад глыбінямі цёмных вод

Пахавала абломкі дно.

Будавалася столькі год —

Узляцела ў імгненне адно.

Скарб аплакаўшы дарагі,

Ходзім сумныя — я і ты.

Будзьце пільнымі, берагі,

Беражыце свае масты.

* * *