epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Росы на травы выпалі..."

Росы на травы выпалі,

На вуснах агонь гаркавы

Ад ночы, якую мы выпілі,

Як кубак чорнай кавы.

 

У локанах змрок за спіною,

Ад воч трапяткіх світае.

Ступаеш поруч са мною,

Грэшная і святая.

 

Пясок пад нагамі, як порах.

Чаму нам насустрач выйшлі

У белых вясельных уборах,

За рукі пабраўшыся, вішні?

 

Чаму сярод зорных гронак,

Што ў рэчку зляцелі з кручы,

Як заручальны пярсцёнак,

Трымціць маладзік бліскучы?

 

У ранак, у свет жаночы

Сваіх дарагіх і любых

Пяшчотна выводзім з ночы,

Нібы з палацаў шлюбаў.

* * *