epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Роздум

Няхай штодзень

Кранае ціха скроні,

Нібы зазімак,

Белы халадок,

Ды сэрца на-юначаму і сёння

Стукоча,

Як у краты малаток.

Ні кроплі я не пастарэў з узростам,

Адно смуга перад вачмі растала.

І што было складаным,

Стала простым,

І простае

Складаным раптам стала.

Той час цяпер,

здаецца, за сцяной,

Калі пры самай ветранай пагодзе

Сто раз імя гарэзніцы адной

Каньком выпісваў на бліскучым лёдзе.

І хоць не летуценнямі жыву,

Ды крыл для ўзлёту пазычаць не трэба.

Сягоння я не ў марах, наяву

Магу дастаць для любай зорку з неба.

Я пакланіцца кожнай красцы рад,

Але не так,

як той гарэза хлопча,

Што ў кветнік

Уварвецца, як пірат,

Адну сарве, а паўграды растопча.