epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ручай

Пакліканы сонцам,

Прабіўся праз снег

І вось пачынае паволі

Разбег.

На выгляд

Яго не адрозніш ад ніткі,

І голас нядужны,

І сам шчэ не прыткі.

Ды раптам

Ён сябра ў дарозе спаткаў.

Сышліся —

Спляліся

У блакітны рукаў.

І ўжо не маленькі ручай,

А рачулка

Бяжыць,

І гурчыць,

І паплёсквае гулка.

Вада ў ёй

 

Нястрымным патокам

Віруе,

Як свердзел,

Скарынку са снегу

Свідруе.

І стрэчным крычыць

Ганарыста і строга:

— Я ў мора спяшаюся —

Дайце дарогу!