epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Рукі любых

Што гэтак ласкава ляскае?

У цемру спрасонку гляджу:

Пырхаюць рукі, як ластаўкі

Перад пачаткам дажджу.

Хатніх турбот палоннікі,

Кухонных работ рабы,

Гладзяць яны палоніку

І лыжкам тугія лбы...

Галубяць сталовую міску,

Якая штодня спакваля

Сваю мурзатую пыску

Тыцкае, як цяля.

Дагледжваюць чуйна чайнік,

Што, задзіраючы нос,

Сыкае, нібы начальнік,

І кіпяціцца ўсур’ёз.

Воблачка з пару і з дыму

Пусціць начальнік круты...

Яго, каб суцішыўся, здымуць,

Нібы з пасады, з пліты.

Падсыпаць і солі, і перцу

Вы, рукі, паспееце ў час!

Нашы мужчынскія сэрцы

Заржавелі б без вас.

Кветак усіх галоўкі

Звяртае да вас зямля...

А рукі запырхалі зноўку,

Калышучы немаўля.