epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Салат «Сямейная ідылія»

Ах, і сусед мой — гурман-непаседа!

Які сямейны салат у суседа!

Крышачку вернасці,

Крышачку здрады,

Крышачку рэўнасці,

Крышку спагады...

Салат кулінару па густу,

Па сэрцу,

Прыпраўлены лаянкай густа,

Як перцам.

Ды падсалоджаны ласкай падманнай —

Казачнай маннай, што сыпле з нябёс,

Ды перасыпаны самаю таннай

Соллю жаночых пакутлівых слёз...

Ах, і сусед мой — гурман-непаседа!

Які сямейны салат у суседа!

Гатуецца ён і ноччу і днём...

Мне б па-братэрскаму праву

Перакульнуць бунтоўна ўверх дном

Гэтую агорклую страву!