epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Сценкі мембранамі..."

Сцены мембранамі:

Век адмысловы!

Ноччу прыёмнік уключыць сусед,

І зарычаць меднагорлыя словы —

Перанаселены словамі свет.

 

То зацілінькаюць балалаечна,

То замурлыкаюць, як каты.

Лаюць лаяльна,

Джаляць і лашчацца.

Словы — драпежнікі.

Словы — браты.

 

Скрынка прыёмніка —

ёмкай прыёмнаю

Слоў —

надзвычайных замежных паслоў.

Рушылі

у наступленне

бяздомныя,

Самыя грозныя арміі слоў...

 

З лесу, дзе часта знаходзілі сховы мы,

Робяць паперу, а не дамы.

І высяцца гмахамі стопавярховымі

Нованароджаныя тамы.

 

Гул дыфірамбаў стукае ў ямбы.

Самы агідны — ружовы паклёп...

Людзі, рыхтуйце высотныя дамбы:

Словы рыхтуюць сусветны патоп!