epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Сябру, які спяшаецца

Спазніўшыся, прыйдуць слава і чын

Якія пакуль не дасталіся.

І трапіць паспееш у сетку маршчын

Да хітрай рыбачкі —

Да старасці.

 

Пакарабаціць згублены твар

Выраз вядомай важнасці.

І галавы парадзелы гушчар

Пабеліць сняжок разважнасці.

 

І будзе цябе з гадамі ўдвая

Трэсці начамі трывога.

Каб, як каханка, слава твая

Не збегла да маладога.

 

Пакінеш сцежкі крутыя шукаць

Па гладкім асфальце ўдачы.

Пачне цябе «Волга» плаўна гушкаць

Ад дома да ціхай дачы.

 

І, як ад ношы, заные ў плячы

Ад славы —

ад прыкрай маёмасці.

І так пашкадуеш, што ўжо не ўцячы

У юнацкі край невядомасці.