epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Сікейрас

Мексіка. Міхіко. Камера.

Свеціцца вязень, як свечка.

Не ў Лету, а ў камеры з каменя

Канула сярэднявечча.

Як пазыўныя, выстукаў

Фрэскі аловак нядрэнны...

Цемрыва?

Маніце! —

Выстаўка

У рамцы сценаў турэмных!

У вочку замочным — з акенцаў —

Промень, як ключ, завязнуў.

Камера — рэзідэнцыя

Вялікай дынастыі вязняў,

Што пішуць бяссонна і сошна...

Калі ж не дастаць рукамі

Да палатна і сонца —

Пішуць на сценах камер!

У мастакоў за кратамі

Фарбы, як хлеб, раптоўныя

Штоноч пацукі раскрадвалі —

Сааўтары іх гвалтоўныя.

Аўтографы вязняў адбіты

Тымі крутымі гадамі

На сценах усіх маабітаў

І ўсіх на зямлі майданакаў.

Што ж вас трасе ліхаманка,

Ямбы мае і харэі?

Я, нібы росчырк маланкавы,

Мексікаю хварэю.

Сонца —

мой доктар —

над светам

Схіляецца: — Мексіка, дзе ты?

Але глухія к паэтам

Урады і прэзідэнты.

Астрожнымі бразгаць брамамі

Піратам і імператарам,

Пакуль на зямлі не абрана

Праўда адзіным дыктатарам.

...Трымціць у акенцы Сікейраса

У барвах іржавых крапін

Месяц блішчастай сякераю,

Вышчарбленай аб краты.