epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Скарга цвіка

Справа мая —

дрэнь,

Не ўчуеш і добрага слоўца,

На службе мяне штодзень

Не гладзяць, а б’юць па галоўцы.

Гэткая доля ў цвіка:

Хочаш не хочаш — залазь!

Кароткі ўгавор малатка:

— Стук!

— Вух!

— Лясь!

А ўпрэшся часамі,

з бяды

Згорбішся, скруцішся крукам,

Дык па баку тады

Абух забухае з грукам.

Допыт! Маўчу, як герой,—

Не скрыгатні, не ўскрыкні!

Латаю скарбы старой

Рыпучай і скрыўленай скрынкі.

Ні любасці, ні хвалы.

Драўніна ад воч мяне ўтойвае.

Вострыя ўсе вуглы

Целам сваім знітоўваю.

Справа мая —

дрэнь.

Ці ж малатку яе ўладзіць?

Мяне па галоўцы штодзень

Ляскаюць, а не гладзяць.

* * *