epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Школа

Дзесь грымнуў стрэл...

І ў бліндажы сваім

Заціх салдат,

Снарадам пахаваны...

Прайшлі гады.

Цяпер на пляцы тым

Шматпавярховы дом пабудаваны.

 

І воклічы, і шум з акон чутны,

Разносіцца

Дзяцей вясёлы гоман.

Смяротны жах знішчальнае вайны

Па кнігах толькі многім з іх знаёмы.

 

Малы хлапчук у новы сшытак свой

Запісвае стараннаю рукою:

«Змяркальнаю, сцюдзёнаю парой

Замоўк салдат, заснуў на полі бою...»

 

Будынка гмах,

што тут узняўся ўвысь,

На ўласныя прыняў гвардзеец плечы:

На гэтым месцы ён упаў калісь,

Каб у падмурак будучыні легчы.