epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Смага

І я тут быў. І я таксама піў

З той невычэрпнай і чароўнай чашы

Дзе ўцехі ўсе і ўсе нягоды нашы...

А смагу ў гэтай чашы не ўтапіў.

Няўтольная, яна нідзе-нідзе

І сну мне, і спакою не давала.

Здаралася,

цякло па барадзе,

Але і ў рот часамі пападала.

І перш як упушчу з рукі біклагу,

Наступнік мой —

шчаслівы чалавек,

Я перадам табе не скарб,

а смагу,

Якой хапіла б мне яшчэ на век.

* * *