epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Смак яблыка

Ён трошкі і як лёд, і як агонь,—

Не толькі вуснаў, і душы патрэба.

Узважваю, паклаўшы на далонь,

Духмяны пругкі плод зямлі і неба.

 

Няўжо і праўда Еву спакусіў

Каварным богам падасланы д’яблік?

Яе зубамі род людскі ўкусіў

Упершыню сарваны з дрэва яблык.

 

Учынак Евы — нам усім урок:

Не збочыла,

Хоць усявышні скнара

Гразіў жанчыне, што за гэты крок

Смяротная яе чакае кара...

 

Калі б не подзвіг твой, прамаці Ева

(За што табе на ўсе вякі хвала!),

Не вабіла б тваіх нашчадкаў дрэва,

Што дорыць нам плады дабра і зла.

 

Скажыце, хіба не мацней за страх

Смак адкрыцця, якім патомкаў будзім?

Ерэтыкі згаралі на кастрах,

Агонь якіх высвечваў праўду людзям.

 

Цяжар пазнання, быццам дынаміт,

Я валаку, працягваючы пошук:

Адной рукой —

арбіт міжзорных кошык

Другой —

кашолку атамных арбіт.

 

...Клубок праменняў, трапяткі камяк

Сарвеш — і спеласць зазвініць у жмені.

Укусіш яблык — і адчуеш смак

Святла і цемры, вечнасці ў імгненні.