epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Смела выходзь..."

Смела выходзь на трыбуну,

Калі сумленне турбуе

І не дае адмаўчацца

У сховішчы дамачадцаў.

Выходзь, калі ў паняверцы,

Сціснуўшы зубы ад болю,

Праўда, як вязень, у сэрцы

Стукаецца на волю...

Сеючы словы важкія

Над вечнаю баразною,

Помні — прамоўцы якія

Стаяць у цябе за спіною.

Тваіх папярэднікаў праўда

Свет скаланала бурна:

Трыбунай была барыкада,

Траншэяй была трыбуна.

І ў нашай сённяшняй змены

Па горла бунтарнай работы —

Крышыць раўнадушнасці сцены

Каменнай казённасці доты.

Слова —

і ціша ўзарвана,

Трасуцца патайныя сховы.

Слова —

і з рук Карвалана

Злятаюць са звонам аковы...

Калі пакліча сумленне,

На сцэну ўзыходзь на сходзе,

Як у семнаццатым Ленін

На бранявік узыходзіў.