epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Снедаем і вячэраем..."

Снедаем і вячэраем,

Жывоцікі набываем.

Як быццам — ўсё для чэрава!..

А пра душу забываем.

 

Што мы даём душам,

Пасохлым ад спёкі млоснай?

Душы свае душым

Смагаю невыноснай.

 

Перадаверылі богу

Мы іх занядбаныя мукі.

А ў бога турбот многа,

Не ўсюды даходзяць рукі.

 

Некалі быў легкакрылы,

Некалі быў увішны,

А сёння, страціўшы сілы,

Партачыць дзядок усявышні...

 

Дык к д’яблу нябесныя казкі!

Дайце зямлю бязбожную —

Колькі спагады і ласкі

У нас на душу кожную?