epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Што робяць у Ялце?.."

Што робяць у Ялце?

Купаюцца і загараюць.

Сноўдаюць па асфальце —

Падэшвы свае здзіраюць.

 

Куды падзецца людзям

З вызваленымі рукамі?

— Працавікі —

мы будзем

Часовымі лайдакамі...

 

Едуць збываць змору,

Глыток свабоды зведаць.

Едуць па сонца і мора,

І па каханне едуць.

 

Да вечнага хвалявання

Хочацца дакрануцца.

У бездань, стаіўшы дыханне,

Хочацца акунуцца.

 

Тых,

хто ад спёкі смягне

І ачышчэння прагне,

Мора ў трымценні дымкі

Прымае ў свае абдымкі.

 

І ні ўгавор,

ні змова

Не папярэдзяць фініш...

Цябе я пакіну, мора,

Ды ты ўжо мяне не пакінеш.

 

Я прыкладу на світанні

Ракавіну да вуха —

І зноўку тваё ракатанне

Пачуецца дрогка і глуха.

* * *