epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Што такое мора

Сумуючы трохі без спраў,

Курортны народ назіраў

Хваляў плывучых плойму,

І кожны думаў па-свойму.

Гультай, загарэлы, як бохан,

Мора назваў абібокам.

Якому лёгка жыць, бо цэлы век ляжыць,

Варочаецца патрошку

У берагах, як у ложку...

Скульптар лічыў так:

Мора — глыбокі мастак,

Разцом сваім днём і ноччу

У цвёрды граніт стукоча,

Абчэсвае ўпарты камень,

Шукае свайго вякамі.

Глядзеў з прыбярэжных дзюн

Чабан на кудлатыя хвалі

І бачыў у іх табун

Авечак, якія бляялі...

Грузчык зазначыў сабе —

Мора на хісткім гарбе

Цяжар караблёў носіць

І нават платы не просіць

І толькі, калі на дне

Зробіцца моташна-чорна,

Усходзіцца і праглыне

Скарынку нейкага чоўна...

Сумуючы крыху без спраў,

Курортны народ назіраў

Хваляў плывучых плойму,

І кожны думаў па-свойму:

«Што такое мора?»