epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Штодзённыя мае званы

Завуць званы. Але не з тых званіц,

Якім пакорна хор царкоўны ўторыць.

Мяне штодзень завуць званы крыніц,

Што глыбіню нязведанага дораць.

Іх ціхі покліч, нібы лёс, прымай.

Званы завейных зім і золкіх вёсен.

Гукаюць нас у першародны май

Зялёныя званы бяроз і сосен...

Адкуль ідзём мы і куды ідзём?

Званы прыводзяць і званы праводзяць.

Званы мінулых і наступных дзён

У нас шчымлівы водгалас знаходзяць.

Як напамін страшэннае віны

За мукі незагойнага калецтва,

Звіняць, звіняць хатынскія званы —

Бяссоннае сумленне чалавецтва.

Каля дарог, дзе свой разбег з вайны

Імкнёмся мы маланкава паскорыць,

Салдацкай славы курганы —

званы

Зямным маўчаннем столькі нам гавораць.

Гукайце нас, выводзьце за парог,

На ўздыме мы яшчэ ці ўжо ў зеніце.

Званы людскіх трывог, людскіх дарог,

Штодзённыя званы мае, званіце.