epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Шуфляда мая..."

Шуфляда мая да рэшты

Напакавана — хоць рэж ты,—

Не можа паперка ўлезці...

Пара ператрэсці.

Перабіраю і ўзважваю

Багацце сваё калішняе.

Здавалася, некалі важнае,

А вылятае, як лішняе.

Яшчэ на парад просіць

Туды, дзе людскія калоны,

Пацёрты злінялы пропуск,

Што некалі быў чырвоны.

І пісьмы ад даўняга сябра,

І адрасы каханак —

Часу няўмольная швабра

У кошык змятае — пад ганак.

І з папяровых затонаў,

Як рэха былога бяссоння,

Ляцяць нумары тэлефонаў,

Глуханямыя сёння.

Шпурляю на вецер асенні

Неадасланую скаргу...

Дзень добры, землетрасенне

Майго заляжалага скарбу!

Усё, што цяпер не месціцца

У доміку цесным з дошак —

Хвіліны, і дні, і месяцы —

У кошык ляцяць,

У кошык...

* * *