epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Сустрэча 3 братам

Я к вам прыехаў, горы і даліны,

Як госць да самай блізкае радні.

Застаўся тут ваеннаю часінай

Мой родны брат

На энскай вышыні.

Яго ўзялі любоўна закарпатцы

На мармурную белую пліту.

У касцы,

У паходнай плашч-палатцы

І дзень і ноч стаіць ён на пасту.

Стаіць з геройскай зоркай залатою...

І да яго з гурбой таварышоў

Я сцежкай узбіраюся крутою,

Якую ён пад кулямі прайшоў.

А там, унізе,—

Шыр палёў вясновых,

Рады зялёных вінаградных лоз,

Якім мой брат у дні вайны суровай

Сваёй рукой жыццё і мір прынёс.

Я прад героем галаву схіляю,

Са мной — сябры:

Паклон табе, мой брат! —

Ад гэтага квітнеючага краю

І ад далёкіх гродзенскіх прысад.

А ён рукой нас прывітаць не можа:

Трымае зброю воіна рука,

Бо чуе ён

За морам брэх варожы

І палец не адводзіць ад курка.