epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Сустрэча з Бахам

Галіне Раеўскай

Дзень добры, Бах! Ну вось мы і знаёмы...

Твой бас густы крануў да нематы.

Падобны да прыручанага грому,

Па клавішах аргана,

нібы з дому,

Па лесвіцы, ка мне злятаеш ты.

Па клавішах —

з мінуўшчыны ў сягоння —

Разлёт цыбатых быстракрылых рук.

За радасцю няспынная пагоня —

Падковы шчасця цокаюць аб брук...

Сярод людзей, сярод аглухлых статуй,

Вандруючы нястомна з веку ў век,

Пасуцца гукі, быццам дзікі статак.

Злаві і забратай іх, чалавек!

Патрэскваюць кастры, што паляць кнігі,

Гучыць, як крык, бунтоўны скрып пяра,

Грыміць вада, якая крышыць крыгі,

Рука раба шукае тапара!

Звініць, нібы надзея, ключ астрожны

У цішыні, распятай на крыжы...

О гукі!.. Утаймуй іх пераможна

да лінейкі нотай прывяжы!

...Мільгаюць гулкіх клавішаў ступені,

З зіхотна-чорным снежна-белы ўзбоч,

Чаргуюцца, як водсветы і цені,

Як на арбіце зорнай дзень і ноч.

І ты палоніш не дзяржавы —

сэрцы,

О музыка — вышэйшая з улад!

Не пахіснецца з часам на паверцы

З’яднаных гукаў чалавечы лад.

Тут Бах — нязменны старшыня ва ўрадзе.

Прад ім —

плячо кранаецца пляча —

Міністр і муляр у адзіным радзе,

У самым чуйным ранзе слухача.

Дзень добры, Бах! — набат сярэднявечча,

З бяздоння ночы к сонцу ўзлёт круты!

Як доўга мы ішлі на гэта веча:

Я — трыццаць год,

І тры стагоддзі ты.

* * *