epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Суткі

Сам па сабе смуткую.

Зраблю падарунак хуткі —

Падзялю і размяркую

Свае суткі.

Ні мала ні многа —

Восем гадзін сну начнога!

Гадзіна яды —

Асалоды кароткай,

Гадзіна бяды —

Язды дрыготкай.

Сем гадзін уссядаць

У крэсле службовым

За сталом —

непарушна дубовым...

Цісканіна ў чарзе —

паўгадзіны

(Танныя качкі ці апельсіны).

За гадзінай гадзіна

Ціна будзённасці

Наліпае...

І так не хапае,

І так не хапае

Гадзіны ласкі,

Гадзіны лагоды,

Гадзіны яднання

З тайнай прыроды,

З яе цішынёй грыбной і роснай,

З яе травой сенакоснай,

З яе прахалодаю,

З яе...

Гадзіны адной не стае!

Ды годзе —

Вячэра ўжо на стале.

...І зноў —

сон да світальнай пабудкі.

У мяне вясёлыя суткі.