epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Так пераблытаны..."

Так пераблытаны

подыхі нашы і рукі

І гэтулькі многа цябе

ў маім сэрцы на дне,

Што доўга не ведаў я

ў часе бясконцай разлукі,

Каго тут няма —

цябе ці самога мяне.

Калі ж у акне маім

дзённае сонца патухне

І ноч замуруе мяне

у чатыры сцяны,—

Па-гаспадарску

ў пярэдняй здымаючы туфлі,

Ты без стуку ўваходзіш

у мае адкрытыя сны.

 

Як вагаўшчык, час

кідае наша шчасце

На векавечныя шалі сустрэч і разлук...

Якія ж адлегласці

могуць цябе ўкрасці,

Калі я цябе абдымаю

мерыдыянамі рук?

* * *