epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Таполям абсеклі рукі..."

Таполям абсеклі рукі

І кажуць,

што так і трэба.

Счарнелых галін абрубкі

У роспачы кратаюць неба.

 

Дрэва да дрэва туліцца,

Прагнучы цёплага дотыку,

Стоячы ў тлуме на вуліцы,

Як на прыём да доктара.

 

А тыя, што верхаводзяць

Іх тапалінай дзяржаваю,

Поруч цікуючы,

ходзяць,

Точаць нажы іржавыя.

 

Сваё рамяство узносяць,

Як новы рубеж навукі,

Майстры падсякаць ногі,

Майстры выкручваць рукі.

 

Прарочую іх аксіёму

Пачуеш у кожным зацішку,

Нібы ўсяму жывому

Сніцца салдацкая стрыжка.

 

— Перагінай палку —

І спыніш галін хістанне.

Калі абламаеш змалку,

Дрэвам сапраўдным стане...

 

Таполям абсеклі рукі

І кажуць,

што так і трэба.

Счарнелых галін абрубкі

У роспачы грозяць небу.

* * *