epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Тапор

Тапор у руцэ зух.

Ён знае сваю справу.

Злева ў яго — абух.

І вастрыё — справа.

Калі ён ідзе ў гушчары,

Дранцвеюць дубы нерухома,

Асіны дрыжаць знутры:

Па кім секане, невядома...

Тапор атупеў, пастарэў,

Тапор адстаў ад прагрэсу —

З-за лесу не бачыць дрэў,

З-за дрэў не бачыць лесу.

Прагрэсу наперарэз

Робіць узмах рэзкі:

Калі сякуць лес,

Маўляў, ляцяць трэскі...

Ён ведае «грук» ды «трах» —

Тапорная мудрасць такая.

Затое наводзіць страх.

Затое абсякае.

Гуляе гаспадаром,

Сваё правіла славіць:

Высечаш тапаром,

Пяром ужо не паправіць.

Гакае:— Так!

Бух!

Бярэ страшэнна глыбока.

З аднаго боку — абух.

Лязо — з другога боку.