epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"То шоўкам касынак..."

То шоўкам касынак касых,

То бляхай плашчоў лапочаце.

Вецер датычыць усіх,

Хочаце вы ці не хочаце!

 

Зялёныя астраўкі,

Чаромхавая каранацыя...

Лагодна рука да рукі

Так незнарок дакранаецца...

 

І не ўмяшчаюць сады

Спозненых пастаяльцаў.

Спеляцца вішняў плады

У завязі цёплых пальцаў.

 

Хоць ноч па зямлі ідзе,

Ад квецені светла да раніцы.

Не могуць схавацца нідзе

Абраннікі і абранніцы...

 

Іх, як сябе саміх,

Спаткаеце вы і збочыце.

Вецер датычыць усіх,

Хочаце вы ці не хочаце.

 

Шчоўкаю ў лад салаўю:

Песняю сэрца заселена...

Сонца прыгоршчамі п'ю!

Ветрана. Молада. Зелена.

* * *