epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Трэшчына зноў..."

Трэшчына зноў.

Не зладзім.

Сердаваць на мяне не трэба.

Сустракаюцца ж на даляглядзе

Нават зямля і неба.

Хоць сягоння пачціва ізноў я

Называю цябе харошаю,

Ні надзеі на сваркі новыя,

Ні пяшчоты ў цябе не выпрошваю.

Можаш толькі мяне вінаваціць —

Пакаранне прыму

любое.

Не памру ад тваёй нянавісці,

Калі не памёр ад любові.

Я ад злосці зубамі хрустаю,

Што быў гэтакім спраўным і ціхенькім

Тваім застольным хаўруснікам

І вельмі дакладным будзільнікам.

Я развітваюся з табою,

Як з нялёгкай дарожнай ношаю,

Без тугі,

без адчаю,

без болю.

Заставайся ж,

мая харошая!

Са сваімі губамі-вішнямі,

Са сваімі рукамі ўвішнымі,

З марай сваёй,

як хата,

Што для мяне цеснавата.

З ласкай хітрага звера-ліса,

Што да плеч тваіх прытуліўся

І якому, папраўдзе, ні трошку

Я раўніва цяпер не зайздрошчу.

Я выходжу, як човен, з туману,

Аддаляючыся ад кручы.

Ты хочаш, каб быў я рахманы,

А я —

калючы.

* * *