epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Трубілі гучна..."

Трубілі гучна оды

Мы з захапленнем школьніка:

Няхай жыве заўсёды

Саюз каня і конніка...

Наканавана коням

Быць у яздзе апораю.

Прыцішацца — падгонім

Убок сталёвай шпораю.

Мы ўладаю надзелены,

Як закілзаць іх, знаем.

За павады надзейныя

Гарачых падцінаем.

А што,

як не захочуць

Каманду нашу выканаць?

Уздыбяцца, падскочаць,

З сядла гвалтоўна выкінуць...

Але, як сон, забудзецца

Падзенне выпадковае.

І прага ехаць будзіцца —

Каваль каня падкоўвае.

І —

скачкі, скачкі, скачкі —

Грымотныя ўспаміны.

Увысь над ставам качкі —

Нібы ад страляніны.

Зноў цокат ля сасонніка

І наўздагон за эраю —

Палёт каня і конніка...

Ах, дзе ты, кавалерыя?