epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Трывогу журавы..."

Трывогу журавы дарма

Трубілі — надрывалі глоткі.

Ступіўшы на зямлю, зіма

Застала ўсіх знянацку ўсё-ткі.

І паскараецца штодня,—

Як подых тысяч хваляванняў,

Паспешлівая сумятня

Запозненых прыгатаванняў.

Хаця дарогі не відно,

Таропка цягне, як ні цяжка,

Саломіну, як бервяно,

У мурашыны дом мурашка.

У натапыраным галлі

Асіплы вецер стогне глуха.

І белы світэр для зямлі

У спешцы вяжа завіруха.

* * *