epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Тупаў дождж..."

Тупаў дождж па-салдацку чаканна

Чаравікамі звонкіх дажджынак.

Ты прыехала нечакана

З невядомасці на прыпынак.

Скок з тралейбуса — як дэсантніца.

Парашутам спаднічка ў свавольніцы.

Ты адкуль —

з кінастужкі Дэ Сантыса

Ці з нябёс, мая заваёўніца?

На асфальце ставячы кропкі,

Твой абцасік тоненька тукаў,

Быццам ключ тэлеграфны таропкі

Тэлеграму ка мне адстукваў.

 

Па пятах за табою грукаць

Мне, нібы за маланкай грому.

Працягні мне насустрач рукі —

Пойдзем з непагадзі дадому!

Насцеж вокны — мой быт праветраны.

Ходзяць ходырам крэслы з радасці.

Мой пакой, мой спакой павернуты

На сто восемдзесят градусаў!

Прасціна на шнуры адубелым

Калыхаецца — мае рацыю,

Абвяшчаючы сцягам белым

Халасцяцкую капітуляцыю.

* * *