epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Тут ахнуў бы..."

Тут ахнуў бы, напэўна,

Сам Радэн,

Калі б пабачыў

Гэты цуд каменны,

Што вытачан

З такім майстэрствам тонкім,

Аж хвалі ўсе

Збягаюцца сюды,

Каб у паклоне

Перад ім

Разбіцца.

Як лёгка мне ўздымаць яго

Над морам

На п’едэстале ўласнае далоні!

Я штосьці пазнаю ў каменных рысах, —

Хто гэта:

Бог Нептун, рыбак ці мой двайнік?

І я гляджу,

Нібы зачараваны,

Спрабуючы дарэмна разгадаць,

Адкрыць твайго майстэрства

таямніцу,

Вялікі неўміручы скульптар,—

Мора.

* * *