epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Тут мы ўдваіх..."

Тут мы ўдваіх. Ды тлумных думак цуг:

Прыкусіць язычок дзвярная клямка.

Як выспу ў цемры, свой замкнёны круг

Пяром святла акрэслівае лямпа.

 

І нам ужо адгэтуль не ўцячы,

Як палахлівым дэзерцірам з фронту.

Схаваны ад усіх дзвярэй ключы

У цемрадзі, за рысай гарызонта.

 

Мы прагнем акунуцца ў цішыні,

Як жытнія зярняты ў баразёнцы,

Якія, зазямліўшы карані,

Вяртаюцца калоссямі да сонца.

 

Тут мой і твой бяссонны мацярык —

Хай музыка населіць свет грымотна,

Калі, як да струны напятай смык,

Я дакрануўся да цябе пяшчотна.

 

У шыбу дзень пастукае, як друг,

Якому кожны дом бясконца рады.

І ўжо ў адзіны неабдымны круг

Сальюцца закаханых далягляды!