epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Твары

На каменным тратуары —

Чалавечая рака.

Твары. Твары. Твары. Твары.

У руцэ плыве рука.

Гулка цокае абутак.

Незнаёмы друг, дазволь

Прачытаць на твары смутак,

Прачытаць на твары боль.

Прачытаць на твары радасць,

Гнеў, і злосць, і весялосць,

Прачытаць на твары градус

Цеплыні, што ў сэрцы ёсць.

Прачытаць на твары мару,

Страх, які душу шкрабе...

Безаблічнасць не да твару,

Чалавечы твар, табе!

Сонца цёплымі рукамі

Агалі і прасвятлі

Твар у дрэва, твар у камня,

Твар у неба і зямлі...

Нас глытае ў мерным гудзе,

Як канвеер, тратуар.

Не хавайце твараў, людзі,

А глядзіце твар у твар.