epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ты стаіш на рагу..."

Ты стаіш на рагу

Пад гадзіннікам вежавым

І няньчыш букет,

Спавіты газетай.

Сустракаюцца і разыходзяцца

Стрэлкі на цыферблаце

І чэрцяць свой адвечны круг.

Парачкі, абнімаючыся нецярпліва,

Спяшаюцца ў ноч —

У зацемнены дом свабоды.

Адзін галавасты ліхтар —

Начны намеснік сонца —

Цябе заўважае

І трымае ў сваім гарызонце.

Вагаюцца тысячы ліхтароў —

Тысячы гарызонтаў.

А ты чакаеш.

Ён павінен прыйсці!

Некаторыя ж на спатканне

прыходзяць

Са спазненнем на чвэрць стагоддзя,

Вяртаючыся з вайны...

А букет белагаловы,

Які ты цярпліва няньчыш,

Мае ўжо трыццаць хвілін

Сіроцкага стажу.