epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

У дождж

Стаю на схованым між хвой пагорку.

Нястомна пальцы грэюць аўтамат.

А дождж прашыў

І плашч, і гімнасцёрку,

Прашыў мяне

Ад галавы да пят.

Я не магу схавацца пад страхою,

Хоць за каўнер цурком вада цячэ.

Хоць дождж, нібы стралок на полі бою,

Як з аўтамата,

Па плашчы сячэ...

Ды недзе друг мой

Сушыць плашч ля печы

І ў патранташ

Абойму куль кладзе...

І веру я:

Маёй зямлі на плечы,

Апроч дажджу,

Нічога не ўпадзе.

Рассуну морак сілаю сваёю —

І змоўкне гром,

І знікне ноч,

Як сон.

І я ўзніму над цэлаю зямлёю

Нябёс блакітных вечны парасон.