epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

У дзеда Талаша

Я ў Петрыкаў прыйшоў —

Да Талаша,

Дзе ён з пагорка аглядае гоні,

Нібы вось-вось з ляснога шалаша,

І ад стральбы яшчэ гудуць далоні.

 

Узбоч — паркан,

Нібыта патранташ,

Які ў хвіліну ціхага адбою

Расперазаў і кінуў дзед Талаш,

Як грозны напамін,

Перад сабою.

Ён не салдат,

А сейбіт і касец.

Ды выдараўся час гарачы гэткі,

Што сеяў дзед не жыта, а свінец

На ўзрыхленыя ворагам палеткі.

 

Не толькі летам, і зімой касіў

Тых, што народ у госці не прасіў.

Каб не таптаў варожы грузны бот

Палёў Палесся, што былі ў палоне,

Сціскалі гнеўна пальцы кулямёт —

Зялёную зямлю агнём палолі.

 

...І вось плугар у грунт скалой урос,

Прапісаны на ўзгорку родным стала.

І пад блакітным полагам нябёс

Яму планета вечным домам стала.

* * *