epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"У гэтай ношы..."

У гэтай ношы —

яблыкі, і хлеб,

і малако, і перац, і цукеркі...

У гэтай ношы —

слодыч пацалунка

і келіх смутку,

што цярпліва п’еш

пасля расстання...

У гэтай ношы —

успамін палынны

аб горы,

смак якога на губах

пячэ дасюль.

Аб дыме

ад галавешак роднае сялібы,

якія тлеюць у душы дасюль.

У гэтай ношы —

май, і лістапад,

і снежань, што па пояс у сумётах,

і дождж, і град —

у падкаваных ботах.

І зеляніна першае травы,

і бель парошы,

якой прыпудраны зямля і вы —

У гэтай ношы...

Яна то абуджае, нібы кава,

то спавівае пеляной імжы.

Калі стамлюся, папрашу ласкава,

гукну лагодна:

— Сыне, памажы!

* * *