epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"У мяне цяпер — выхадны..."

У мяне цяпер — выхадны

Ад работы, ад дум, ад песні.

У мяне —

выхадны, вы адны

Стаўце сцены, змятайце плесню.

 

Я на столь, як на неба, гляджу:

Ані будняў, ані параду.

У мяне выхадны ад дажджу,

У мяне выхадны ад граду.

 

Калі буры, калі грамы

Скаланаюць чужыя дамы,

Лёгка ў сховішчы дамачадца

Адсядзецца і адмаўчацца.

 

Калыханнем лагодным кроў

Закалыхвае ў сэрцы думу...

У мяне выхадны ад сяброў,

У мяне выхадны ад шуму.

 

Колькі доўжацца свя*ты адны,

Дзе ні ценю будзённай турботы?..

Я малю цябе, выхадны,

Дай хоць трошкі работы!