epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

У мірным суседстве

Дымна сягоння

На палігоне.

Крычаць

Гарматы.

Маўчаць

Салдаты.

Усё афарбована ў колер зялёны.

І неба, і травы, і нашы пагоны,

І дым, і нават гармата сама.

Як быццам і фабраў іншых няма!

Дрыжаць у суседніх бярозак вецці:

Грукат, напэўна, палохае іх.

А я ў хвіліну гэту на свеце

Не ўяўляю гукаў другіх.

Спакой мы пакінулі нівам і хатам,

Забыліся ж самі пра ўласны спакой.

Здаецца, што я нарадзіўся салдатам

І стаў адразу ў паходны строй.

А службу закончу —

не пройдзе і года,

І ўсё гэта сном прыгадаецца мне,

Калі ў навальнічную часам пагоду

Маланка па небе нажом скрабяне.

На палігоне пахне порахам,

А ў полі —

водарам спелых зярнят.

Побач з ціхім жытнёвым шорахам —

У мірным суседстве гамонка гармат.