epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

У вагоне

Дождж вясенні несціхана лье,

Кроплямі на шкле аконным скача,

У вагоне гучна хлопчык плача

І заснуць суседзям не дае.

Суцяшае маці штохвілінна

Двухгадовага грамадзяніна

І на пасажыраў, што навокал,

Пазірае вінаватым вокам.

Люба мне глядзець на клопат матчын:

Недзе дома і ў мяне сям’я,

Сын, які мяне ў жыцці не бачыў,

Гэтак, як яго не бачыў я.

І рукой салдацкай, агрубелай,

Што прывыкла лашчыць сталь штыка,

Асцярожна і зусім няўмела

Пачынаю гладзіць хлапчука.

І суседзі дзівяцца ў вагоне:

Не ад матчыных пяшчотных рук,

Ад маёй шурпатае далоні

Раптам сунімаецца хлапчук.

Мо напомніў я малому бацьку,

Што яму ўяўляўся як праз сон,

Ну, а можа, ў постаці салдацкай

Проста моц адчуў і сілу ён.

І, напэўна, каб не хваля гэта,

Мне было б самому неўздагад,

Колькі ласкі і пяшчоты светлай

У тваёй суровасці, салдат.