epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"У жонкі - на твары..."

У жонкі на твары — важнасць.

Зрэнкі блішчаць, як джальцы.

Штосьці заўсёды вяжуць

Яе рухавыя пальцы.

Можа, малому штонікі,

Можа, пальчаткі для дочак...

Цягнецца нітка тоненька,

Размотваецца клубочак.

Як дотык ратоўнай казкі,

Нас атуляе надзейна

Пража яе ласкі,

Яе пяшчоты адзенне.

Рана да сонца ўстане —

І ад пруткоў-праменняў

Займаецца дрогка світанне:

Тэрмін начы паменеў!

Штосьці спрабую ўзважыць,

Але не ўзважу, вядома,

Дзіва, якое вяжуць

Пальцы жаночыя дома.

* * *