epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Удача

Падалі ў бездань масты

Юнацкіх маіх разлікаў.

Чаму не прыходзіла ты,

Калі я цябе клікаў,

Калі я цябе чакаў,

Як любую на спатканне

Чакае юнак, рукаў

Цярэбячы ад хвалявання...

Як цяжка перамагчы

Чакання прыгнёт немагчымы.

Удачы, да нас ідучы,

Позняцца, як жанчыны.

А можа, на ўздыме крутым

Множачы нашы мукі,

Нас яны грэюць тым,

Што не даюцца ў рукі?

Спаліўшы ў душы трапяткой

Сваёй нецярплівасці порах,

Я ўжо махнуў рукой...

А ты — поруч!

Узятыя рубяжы

Я азіраю з журбою:

Удача мая, скажы,

Што мне рабіць з табою?

* * *