epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Уласнае гора — заўсёды мора..."

Уласнае гора —

заўсёды мора,

Заўсёды цёмная бездань вады.

Пераплываеш уласнае гора

З вялікімі цяжкасцямі заўжды.

Чужое гора —

малая лужына,

Што перабольшвае хтось незаслужана.

Лёгка чужое гора ў жыцці

Пераступіць ці абысці.

Гора чужое

нас не чапае,

З яго выходзім

сухімі мы.

Ды раптам,

паўстаўшы,

стыхія сляпая,

Глядзіш,

падмывае і нашы дамы...

Ты,

як і ён,

можаш загінуць...

Таму не спазніся

таварышу кінуць

Выратавальнае кола тады,

Калі яго кружыць

бездань бяды.