Упала слязіна з вока ўдавы
І пакацілася ў мора.
Чуеце вы, бачыце вы,
Як вырастае гора?
Збіраецца веча —
слёз грамада,
І соллю вякі намоклі,
Свая доля,
свая бяда
У кожнай гаручай кроплі.
Вянчаюць рэліквіі ў куфры тваім
Саюз пакаленняў брацкі:
Схавана будзёнаўка дзедава ў ім
Поруч з пілоткай бацькі...
На грэбні хваль,
на промні ляза
У сцісласці немагчымай
Кранула Першай Сусветнай сляза
Слязу Вялікай Айчыннай.
З розных краін ручаіны слязін
У акіян уцякаюць.
Чакаюць жанчыны сваіх мужчын,
Цэлую вечнасць чакаюць.
Жанчыны гэтак плачуць заўжды,
Што кроў у жылах стыне.
Аднолькава мова няўмольнай бяды
Гучыць у Сангмі і ў Хатыні.
Па рэках дзён,
па рэках гадоў
Бяжыць горкае гора.
Зліваюцца слёзы ўсіх удоў
У самае сумнае мора.
Хай б’е прыбоем яно ў берагі,
Б'е на зямлі трывогу.
Забойцам мора жаночай тугі
Перагародзіць дарогу.
* * *