epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ураджай, ураджай..."

Ураджай, ураджай —

Ходзіць ніва пад ветрам ходырам.

— Пры-яз-джай!..

Так і цягне п’янлівым водарам.

І расступяцца ўраз жыты

Перад тымі, каго паклічуць.

Тут губляемся

Я і ты,

губы нам каласы казычуць.

Хваляй шум набягае здаля...

А ці знаеш, якім насеннем

Засявалася гэта зямля

Днём вясеннім і днём асеннім?

Не іду, а кудысьці плыву,

Анямеў — пераймае голас.

Трапяткою рукой сарву

І скамячу даспелы колас.

На далоні — зярнят янтар...

Але ведама толькі полю,

Колькі тут на кожны гектар

І крыві, і стогну, і болю.

Неспакойная мітусня

Каласоў, што схавалі сцежку...

Дзе вы, сейбіты? Цішыня.

Дот размыты маўчыць на ўзмежку.