epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Урок паўтарэння

Мы паўтараем,

Мы паўтараем,

Сваёй ляноце не патураем.

Ідзе паўтарэнне па дрогкай дарожцы:

Белым па чорнаму пішам на дошцы...

Мы паўтараем гэтак, як трэба:

«Мама» і «Тата»,

«Зямля» і «Неба».

Мы паўтараем:

«Народ» і «Радзіма»...

Доўжыцца вечнасць гэта гадзіна.

Услед за настаўнікам

Паўтараем,

Стаіўшы дыханне,

Былога святыні,

Мы, паўтараючы, пакараем

Мудрасці даўняй крутыя вышыні.

Вучні старанныя і непаседы,

Сцвярджаючы з продкамі падабенства,

Мы паўтараем драмы, і беды,

І катастрофы, і войнаў шаленства.

Мы паўтараем вясновае ворыва,

На поле ступаючы лёгка і храбра.

Мы паўтараем лютасць да ворага,

Мы паўтараем чуласць да сябра.

Мы паўтараем блакітныя мары

У крутаверці ракетнай спешкі.

Мы паўтараем бацькоўскія твары.

Мы паўтараем матчыны ўсмешкі.

Свет аднаўляецца кожнай вясною,

Не знаючы рыхласці і старэння,

Штодзённай адзначана навізною

Наша жыццё —

урок паўтарэння...

Дні сваёй долі высокай гартаем,

Глыбока ў зямлі схаваўшы карэнне.

І, паўтараючы, вырастаем

Мы, непаўторныя ў паўтарэнні.